Інфармацыя пра лужаснянскі канцлагер
Адразу з пачаткам акупацыі Лужасна тут было ўтворана месца прымусовага ўтрымання (канцлагер). У яго дзейнасці можна вылучыць некалькі этапаў. Першы: лета 1941 г. – зіма 1942 г., калі ў Лужасна быў лагер, у якім ўтрымліваліся савецкія ваеннапалонныя. Другі: люты 1942 г. – пачатак 1943 г., калі ў лагеры ўтрымліваліся мірныя савецкія грамадзяне, вывезеныя з партызанскай зоны ў час карных экспедыцый. Трэці: з сакавіка 1943 г. па чэрвень 1944 г., калі ў Лужасна дзейнічаў нямецкі лагер на пярэднім краі нямецкай абароны.
Лагер для ваеннапалонных
Лагер быў утвораны ў недабудаванай тэхнікумаўскай сталоўцы і прылягаючай да яе тэрыторыі, на таку і каля яго. Цяпер гэта тэрыторыя сучаснага гаспадарчага двара, які мясцовыя жыхары называюць “хоздвор”. На той час яго называлі “малатарня”. Самі ваеннапалонныя нацягнулі калючы дрот вакол лагера. На дроце былі развешаны пустыя бляшчанкі з-пад кансерваў. Побач была пастаўлена кулямётная вышка.
Галоўным чынам ваеннапалонныя месціліся пад адкрытым небам. Ваеннапалонных, як і мясцовых жыхароў, прымушалі працаваць на вырубцы Цёплага лесу, на разборцы будынкаў ваенных лагераў у тым жа лесе і дастаўцы матэрыялаў у Віцебск, рамонце маста праз Лужаснянку, чыгуначнага маста праз Крывы ручай, які быў узарваны адыходзячымі войскамі Чырвонай Арміі. Некаторых ваеннапалонных аддавалі на сельгаспадарчыя работы ў маёнтак памешчыка ў Падбярэззе. Частку перапраўлялі праз Дзвіну, і яны высякалі лес у Казіміраўцы.
Да лагера падыходзіць забаранялася. Аднак рэжым тут лічыўся мякчэйшы за той, што быў у “Пятым палку”. Жанчынам часам дазвалялася прыносіць палонным ежу, а ў Віцебску за гэта маглі забіць. Па ўспамінах Т.Ф. Лукіной, у лагеры не было ніводнай травінкі, бо ўсё было з’едзена ваеннапалоннымі1.
Голад, нішчымныя ўмовы жыцця, адсутнасць медыцынскай дапамогі і знясільваючая праца сталі прычынай таго, што да восені значная колькасць ваеннапалонных памерла. Самі палонныя штодня з раніцы клалі памерлых і тых, хто не мог падняцца на грузавую тачку (двухколку), накрывалі дзяругай і везлі пад канвоем да траншэі, якая была вырыта непадалёк ад лагера. У гэтых выкапаных палоннымі ямах хавалі памерлых.
Гэта месца знаходзіцца прыблізна за 200 м. на паўночны ўсход ад абеліска, які ўзвялі ў 1972 г. Ён быў пастаўлены непадалёк ад шашы, што вядзе да Рубы, каб было бачна з праязджаючых машын. Сапраўднае месца пахаванняў бліжэй да р. Лужаснянкі.
Лагер для ўтрымання мірных савецкіх грамадзян
У 1942 г. лагер стаў выкарыстоўвацца для ўтрымання насельніцтва, якое вывозілі немцы з партызанскай зоны. З Лужасна выпраўляліся карныя атрады, сюды прывозілі нарабаваную маёмасць, прыганялі людзей і ўтрымлівалі іх у канцлагеры. Так 10 чэрвеня 1942 г. з Лужасна выйшлі карнікі ў партызанскую зону. Вярнуўшыся, яны прыгналі людзей з вв. Вярхоўе, Койтава, Чырвоны Двор, Мікалаёва і іншыя. У асноўным гэта былі старыя, дзеці, жанчыны. У некаторых на грудзях віселі таблічкі “Партызан”2. Частку людзей прымусілі капаць магілу. Некаторыя кінуліся ўцякаць, але на іх цкавалі аўчарак і вымусілі вярнуцца. Потым ставілі па 5 ці болей чалавек і расстрэльвалі. Экзекуцыя працягвалася некалькі гадзін. У гэты час жыхарам Лужасна было забаронена выходзіць з дамоў. Аднак некаторыя бачылі ўсё праз вокны. Найбольш верагодна, што акцыя праводзілася фашыстамі 22.06. 1942 г.
13.06. 1942 г. немцы расстралялі ў Вярхоўі каля 70 мірных жыхароў. Па некаторых звестках, частку людзей, схопленых у Вярхоўі, яны прыгналі ў Лужасна і размясцілі іх на таку і ў стайні, разам з коньмі. Частку палонных расстралялі на беразе Лужаснянкі. Пэўную колькасць нарабаванай маёмасці і жывёлы раздалі паліцэйскім, частку адаслалі ў Віцебск.
Лагер на пярэднім краі нямецкай абароны
У выніку Гарадоцкай наступальнай аперацыі савецкія войскі з поўначы і ўсходу падышлі да Віцебска. Немцы пачалі ствараць моцную абарончую лінію. Яна стала часткай “Усходняга валу”, які павінны быў спыніць наступленне Чырвонай Арміі на Германію. Вакол Віцебска ўзводзілася тры лініі абароны. Цёплы лес і лес у былых піянерскіх лагерах і цяпер зрыты акопамі, траншэямі, былымі бліндажамі, зямлянкамі, сховішчамі, кулямётнымі гнёздамі, поўны варонак ад снарадаў, мін, бомб. Па сведчаннях мясцовых жыхароў у Цёплым лесе былі зроблены жалезабетонныя ДОТы, якія да нашага часу не дайшлі.
Узвядзенне абарончых збудаванняў на поўнач ад Віцебска было ўскладзена на 53-ці армейскі корпус нямецкіх войскаў. Для гэтага ў Лужасна і Ціраспалі былі арганізаваны лагеры на пярэднім краі абароны, у якіх знаходзіліся савецкія мірныя жыхары (з сакавіка 1943 па чэрвень 1944 г.). Ахоўвалі яго салдаты 4-й авіяпалявой дывізіі.
Траплялі ў лагер людзі, якія былі затрыманы немцамі ў час правядзення карных экспедыцый як з ліку мясцовага насельніцтва, так і навакольных вёсак, якія знаходзіліся ў партызанскай зоне (праходзіла па р. Лужаснянка). Шмат трапляла людзей, якія хаваліся ў лясах у час правядзення карных экспедыцый, трапілі ў Лужаснянскі лагер у лютым 1943 г, маі 1943 г.
Напрыклад, 22.02. 1943 г. жыхары в. Маркавіч (зараз не існуе) сышлі ў лес і там хаваліся ад немцаў, аднак праз месяц былі схоплены. З 19 чалавек немцы расстралялі 8 мужчын, а астатнія былі змешчаны ў Лужаснянскім лагеры.
15 сакавіка 1943 г. немцы сабралі людзей з Лужасна і навакольных вёсак. Зрабілі селекцыю: моладзь, якой 25–26 лет, накіравалі ў Германію. Сталых людзей з дзецьмі – у канцлагер “Пяты полк”. Тых, хто памаладзейшы, пакінулі ў Лужасна рыць акопы. Дзеці, старыя, непрацаздольныя заставаліся ў лагеры.
Тамару Шашкову (Сысоеву) 1935 г.н., якая хавалася ў Шчалбоўскіх лясах пасля таго, як родная вёска Кузьміно Кабішчанскага с/с была спалена, у маі 1943 г. (карная экспедыцыя “Майскі гром”) была схоплена і таксама адпраўлена ў Лужаснянскі лагер. Увосень 1943 г. жыхары Букаціна: Марыя Сяргееўна Прусава, Любоў, Ксенія, Ніна Прусавы, а таксама Мікалай, Ганна, Іван Хадачынскія, Ганна Новікава з дзецьмі Мікалаем, Пятром, Верай, Марыя, Паліна Віхровы, якія хаваліся ў лесе на правым беразе Дзвіны, насупраць в. Падбярэззе, былі злоўлены і змешчаны ў лагер.
З вясны 1943 г. тут утрымліваліся некалькі соцень людзей, пераважна жанчыны і дзеці. Шмат вязняў было з Лёзненскага, Гарадоцкага і Бешанковіцкага раёнаў.
Людзей трымалі ў будынку “малатарні”, недабудаваным будынку сталоўкі тэхнікума. У лагеры было 4 барака: два каменныя, два драўляныя. У каменных трымалі яшчэ ваеннапалонных, у драўляных жылі тыя, хто трапіў пазней. Акрамя гэтага, час ад часу людзей утрымлівалі ў бараках каля царквы, а частку ў гаспадарчых пабудовах у Ціраспалі (будынках Віцебскага МТС і жывёлагадоўчых фермах).
Жанчыны і мужчыны ўтрымліваліся асобна. Спалі не распранаючыся на двух’ярусных нарах. Спачатку нары былі пакрыты саломай, потым не было і яе. Тым людзям, каго прыгналі пазней, месца не хапала, і яны спалі на зямлі. Па іх нагамі хадзілі.
Харчаванне з раніцы: “чай”, 300 грамаў хлеба з апілак, які выдаваўся на некалькі дзён. Увечары – літр супу, дакладней, кіпень, у якім плаваюць некалькі бульбін. Вельмі цяжка было маці, бо на дзяцей ніякага пайка не выдавалася. Посуду не было, замест яго выдавалі выкарыстаныя іржавыя блішчанкі ад кансерваў. У бараку было вельмі шмат вошай. Час ад часу была лазня, але ў ёй не мыліся, а толькі здымалі вопратку і яе пражарвалі ад вошай.
Ніякага медыцынскага нагляду не было. Калі хтосьці пачынаў хварэць, немцы забіралі яго і ён ніколі больш не вяртаўся. Часам бывалі захворвані на тыф.
Увесь дзень да вечара знясільваючая праца: рыццё траншэяў, бліндажоў, рамонт дарог, рубка лесу, дроў, перацягванне бярвенняў, высечка кустоў уздоўж дарог. Днём працавалі ў адносна бяспечных месцах, уначы адпраўлялі на перадавую.
На машынах вазілі на лінію фронту: у Шумілінскі раён, пад Сіроціна, у вв. Дзяйкі, Пракуды, Маркавічы, Пацава, Трыгубцы, Вярхоўе, Буяны, Лосвіда, Чырвоны Двор, Талынава, Маркавічы, Шалыгі, Шкялі. Часта ў зімку, з-за заносаў на дарогах, начаваць пакідалі ў Загор’і, Ціраспалі, на Мазалаўскім млыне, в. Ізбовічы, дзе начавалі ў закінутых, паўразбураных будынках. Летам – у буданах, непрыдатных для жытла бараках. Спалі на зямлі, на нарах, без спальных прылад. Ад цяжкай працы адзенне і абутак вельмі хутка зношваліся. Узімку прыходзілася працаваць на вялікім холадзе без верхняй вопраткі. Перасоўваліся абавязкова строем, два разы на дзень праверка – а 5-й гадзіны раніцы і ўвечары.
Цяжкая праца і надзеі на вызваленне адлюстраваліся ў частушках, якія, каб не чулі ахоўнікі спявалі вязні:
Надоели нам лопаты, надоели топоры,
Еще больше надоело:
«Становитель рус по три!»
Ці
«Надоела нам баланда
Надоел немецкий чай!
Дорогой товарищ Сталин,
Поскорее выручай!»
Для будаўнічых работ патрабавалася шмат матэрыялу. У Мазалаўскім млыне быў арганізаваны тартак. На кожны дзень – выкананне нормы. За яе невыкананне – збіццё, цкаванне сабакамі. За спробу ўцёкаў – расстрэл усёй групы. Шмат людзей загінула ад непасільнай працы, знясілення, голаду, холаду, хваробаў і здзекаў аховы. Шмат загінула і пры абстрэлах савецкай артылерыі і бамбёжках.
Частку мірных жыхароў, якія хаваліся па лясах і былі злоўлены немцамі, адпраўлялі ў лагер на тэрыторыі біяфабрыкі (Доўжа), Лосвіда. Там было шмат хворых на тыф. Кінулі проста ў пустыя акопы, разбураныя будынкі, пакінуўшы таблічкі “Падарунак Сталіну”, “Рус салдату”. Савецкія разведчыкі па начах перапраўлялі людзей у савецкі тыл (Кабішча, Пальмінку), а пасля выздараўлення эвакуіравалі ў Смаленскую вобласць.
У чэрвені 1944 г. частку людзей з лагера немцы вывезлі ў Бешанковіцкі раён, дзе каля Астроўна яны былі вызвалены Чырвонай Арміяй.
Камандзірам узвода аховы з’яўляўся фельдфебель Герман Рух, які выслаўляўся жорсткасцю. Напрыклад, за тое, што ў адной дзяўчыны зламалася рыдлёўка, стаў збіваць яе нагамі, а потым адвёў яе ў кусты і расстраляў. У кастрычніку 1943 г. без прычыны біў аўтаматам Ягора Смычкова, а потым разам з іншымі расстраляў, быццам бы за спробу ўцёкаў. У снежні 1947 г. на пасяджэнні Ваеннага трыбунала, якое праходзіла ў будынку тэатра (цяпер філармонія) Рух прызнаўся, што згвалціў 7 дзяўчат, з якіх 4 расстраляў. Казніў 5 мужчын за тое, што яны болей не маглі працаваць .
Частку жыхароў Лужасна немцы адправілі ў “Пяты полк”, адкуль некаторых вывезлі ў лагер каля чыгуначнай станцыі Крынкі, які часам называлі “васьмітысячнік”. У ім, напрыклад, аказаліся дочкі былога святара Лужаснянскага храма: Екацярына, Алена, Лідзія Георгіеўны Ліаранцэвічы і ўнук Аляксандр.
Пасля вайны з 1946 г. у былым канцлагеры быў утвораны канлагер для нямецкіх ваеннапалонных, якія будавалі чыгунку Лужасна – Вярхоўе.
27.12. 1995 г. Рэспубліканская навукова-кваліфікацыйная камісія па вызначэнні месцаў прымусовага ўтрымання грамадзян на часова акупаванай тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны надала лагеру ў Лужасна статус “Лагер на пярэднім краі нямецкай абароны”. Тыя вязні, што асталіся жывымі на гэты час атрымалі права на кампенсацыі.
На паўночна-ўсходняй ускраіне пасёлка, каля дарогі са станцыі Лужасна да Рубы, у 1972 г. быў устаноўлены абеліск з надпісам: “У пасёлку Лужасна ў 1942–1943 гг. нямецкія фашысты зверскі закатавалі і знішчылі сотні савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў, якія прымалі актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам. Вечная слава героям-патрыётам!”. Прыведзеная інфармацыя недакладная і ў артыкуле, прысвечанаму помніку ў “Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”. Даты загубы людзей указаны з 1941 па 1943 гг.
Літ. і К.: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. – Ф. 861. – Воп. 1. – Спр. 5. – Арк. 144–145; Справочник о местах принудительного содержания гражданского населения на окупированной территории Беларуси 1941–1944 /Авт.-сост. В.И. Адамушко и др. – Мн.: НАРБ, 2001. – 158 с. – С. 23; ЗПГіКБ. Вв. – С. 191; ДАВВ. – Ф. 330. – Воп. 1. – Спр. 67. Успаміны і апытальныя лісты былых вязняў канцлагера “Лужасна”, сабраныя Дз.Р. Газіным; успаміны мясцовых жыхароў; Лужеснянские страницы. – Витебск: Витебская областная библиотека, 2002. – 94 с.; Пылал Придвинский край: Рассказы о войне / Предисл. И.А. Шишковой. – Витебск: ВОТ, 2005. – 144 с; Гончаров, А.А. Первая Витебская партизанская бригада (1941–1943 гг.) / А. Гончаров. – Витебск: Витебская областная типография, 2012. – 318 с.
Такім чынам, з мэтай увекавечання памяці пра ахвяр вайны мы прапануем:
- 1. Узяць пахаванне ваенапалонных і мірных жыхароў, якія загінулі 1941–1944 гг на дзяржаўны ўлік
- 2. Вызначыць межы пахавання і зрабіць агароджу
- 3. Выправіць тэкст на памятнай шыльдзе абеліска з “1942” на “1941”
- 4. Усталяваць інфармацыйны стэнд каля абеліска з інфармацыяй пра канцлагер, абставінамі яго існавання.
- 5. Усталяваць драўляны крыж на месцы пахавання.
- 6. Па магчымасці выявіць прозвішчы асоб, якія пахаваны ў магіле.
- a. Пастарацца выявіць імёны загінуўшых. Часткова можна аднавіць па сабраным Д.Р. Газіным успамінаў сведкаў3.
- b. Паспрабаваць выявіць імёны забітых па паказаннях пасобнікаў фашытаў, якія праводзілі экзекуцыі. Іх справы захоўваюцца ў архіве упраўлення КДБ па Віцебскай вобласці. Некаторыя імёны вядомы. Напрыклад, начальнік Лужаснянскай управы Іван Галідаў4, начальнік паліцы Станкевіч, паліцэйскі ў вв. Плятнішча і Мазалава быў былы лейтэнант Чырвонай арміі Стрыгін (прозвішчы выяўлены па успамінах і кнігах, артыкулах Д. Газіна, В. Ганчарова, М. Плавінскага)
1 ДАВВ. – Ф. 330. – Воп. 1. – Спр. 67. Арк. 11. Успаміны Лукіной А.Ф.
2 ДАВВ. – Ф. 330. – Воп. 1. – Спр. 67. Арк. 11. Успаміны Лукіной А.Ф.
3ДАВВ. – Ф. 330.- Оп. 1 – Д. 67.Воспоминания узников концлагеря “Лужесно”, собранные Д.Р. Газиным относительно информативны воспоминания: Скрябиной (Лукиной) Анны Федоровны (Л. 11–12); Жигало Пелагея А. (Л. 19–23); Куприянова Мария Григорьевна (Л. 35–38); Газин, Д. И в Лужесно был концлагерь // Витьбичи. – 1996. – 4 апр. – С. 5; Газин, Д. Их хотели сжечь живьем // Витьбичи. – 1996. – 29 апр. – С. 6
4 Газин, Д. Испытания [// ЖП. – 1996. 8 мая.