
Кіраўскі паход
З надыходам зімы не прыпыняюцца паходы, якія ладзяць сумесна студэнты факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый ВДУ імя П.М. Машэрава і кадэты Віцебскага кадэцкага вучылішча. 5 снежня, у нядзелю, наш шлях ляжаў у аг. Кіраўскі. Акрамя актыўнага адпачынку, мы ставілі перад сабой задачы вывучэння турыстычных рэсурсаў аграгарадка і магчымасцяў выкарыстання іх у развіцці ўнутранага турызму.
На ўездзе ў пасёлак каля дарогі нас сустракае вулічная скульптура аленя са штучнай травы. Раней ён стаяў у в. Доўжа, але на шыльдачцы змешчана інфармацыя аб тым, што гэта падарунак аг. Кіраўскі ад ААА «БелВітуніфарм» на раённыя «Дажынкі», якія прайшлі ў 2019 г. У сувязі са святкаваннем воблік пасёлка змяніўся. Прадпрыемствы і ўстановы набылі і падарылі аграгарадку лаўкі, дзіцячую пляцоўку, спартыўны гарадок з трэнажорамі, пляцоўку для гульні «Бочча», разбілі кветкавыя газоны. Непадалёк ад дарогі ўзведзены помнік «Сям’я».
Трэба адзначыць, што ў аг. Кіраўскі шмат прыгожых дамоў з чарапічнымі дахамі, што мала ўласціва для беларускай архітэктуры. Справа ў тым, што населены пункт паўставаў на новым месцы як узорны пасёлак для работнікаў калгаса «Кіраўскі». Сюды прывозілі розныя дэлегацыі, каб паказаць, як жывуць савецкія жыхары вёскі. Адсюль і шмат дамоў, збудаваных у 1970 – пачатку 1980-х гг. у “гістарычным” стылі, двухузроўневыя кватэры, дамы, упрыгожаныя мазаікамі, каванымі агароджамі і іншымі дэкаратыўнымі элементамі. Дзіцячы садок, напрыклад, нагадвае абрысамі сярэднявечны замак.
На сялянскім доме культуры дзве мемарыяльныя шыльды ў гонар былых старшынь калгаса «Кіраўскі» М.А. Смаргонскага і Н.В. Лемешавай, якія адыгралі значную ролю ў станаўленні сельскага прадпрыемства.
Цікавым месцам для наведвання з’яўляецца кіраўская школа, якая збудавана па аўтарскім праекце з астранамічнай абсерваторыяй. На фасадзе будынка маецца прыгожая маёлікавая мазаіка. Побач са школай «помнікі» паравозу, Федару Махнову, аб’ёмныя макеты віцебскага вакзала, сядзібы І.Я. Рэпіна «Здраўнёва», вулічныя скульптуры «Рыбка», «Птушка», «Веласіпед» і г.д.
Адным з самых цікавых помнікаў пасёлка з’яўляецца самалёт Су-24М, які ўсталяваны на выездзе з пасёлка.
У выніку вандроўкі мы вызначылі, што ў Кіраўскі варта прыехаць ў цёплы час і ўважліва палюбавацца на помнікі, архітэктурныя аб’екты пасёлка. Тут можна добра адпачыць і душой, і целам. Тут маецца добрая інфраструктура для развіцця ўнутранага турызму, а месца знаходзіцца зусім непадалёку ад Віцебска – 10 хвілін на маршрутцы ад аўтавакзала.
Думаем, што зможам распрацаваць карту цікавых месцаў аграгарадка і такім чынам унесці свой уклад у развіццё мясцовага турызму.
Жалезнякоў Цімур, вучань 11 «Б» класа






Наши достижения

Наши дети
Вам также может понравиться

Состоялся областной этап Республиканского конкурса «Я патриот своей страны»
24.03.2025
Советы от спасателей, если потерялся в лесу
19.09.2023