Военно-патриотическое воспитание,  Научно-исследовательская деятельность

Наш зямляк – генерал арміі

Воінскае званне генерал арміі, з’яўляецца другім па значнасці пасля маршала, а калі такога не прадугледжана, як напрыклад у ЗША, Украіне, Арменіі, то самым высокім званнем у краіне. Такога звання ў нашай краіне цяпер і няма. Самае высокае – генерал-палкоўнік. Наш зямляк Іван Ягоравіч Шаўроў быў ўдастоены звання генерал арміі 4 лістапада 1973 г. Гэта значыць, што ураджэнец Віцебскага раёна ўваходзіў у эліту Савецкага Саюза, меў дачыненне да прыняцця важнейшых рашэнняў магутнай краіны. Дададзім да гэтага, што ён быў начальнікам Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Узброеных сіл СССР імя К.Я. Варашылава.

Нарадзіўся І. Шаўроў у сялянскай сям’і ў вёсцы Шабуні Віцебскага павета Віцебскай губерні. Цяпер гэта вёска ўваходзіць у склад Бабініцкага сельскага савета. Скончыў Бабініцкую сярэднюю школу.

Практычна ўсю Вялікую Айчынную вайну Шаўроў прайшоў у складзе дзеючай арміі. Быў намеснікам начальніка і начальнікам штаба танкавай брыгады на Бранскім, Паўднёва-Заходнім і Паўднёвым франтах. Удзельнічаў у бітве за Маскву і кровапралітных абарончых баях лета–восені 1942 гады на паўднёвым кірунку. З канца 1942 года служыў на пасадзе начальніка аператыўнага аддзела штаба ўпраўлення камандуючага бранятанкавымі і механізаванымі войскамі Данскога фронту, удзельнічаў у Сталінградскай бітве.

З чэрвеня 1943 г. да канца вайны І. Шаўроў служыў начальнікам штаба 19-га танкавага Чырванасцяжнага Перакопскага корпуса. З гэтым злучэннем ён прымаў удзел у абарончай аперацыі на паўночным фасе Курскай дугі ў Курскай бітве.

У ходзе Мелітопальскай аперацыі 19-й танкавы корпус быў уведзены ў прарыў на поўдзень ад Мелітопаля, імкліва прайшоў па тылах нямецкіх войскаў да Перакопскай перашыйку і ўварваўся ў Крым, захапіўшы плацдарм за Турэцкім валам. Акружаны ворагам, корпус на працягу 4-х дзён вёў бой у поўным акружэнні і згубіў усе танкі, аднак утрымаў плацдарм, які адыграў важнейшую ролю у вызваленні Крыма. Аб тым, якое значэнне надавалася камандаваннем Чырвонай арміі гэтаму плацдарму кажа той факт, што у самы крытычны момант баёў акружаным войскам быў перададзены загад І. Сталіна аб прысваенні камандуючаму корпусам І.Д. Васільеву звання Героя Савецкага Саюза і прадстаўленні да ўзнагароджання ордэнамі ўсяго асабістага складу корпуса. Быў узнагароджаны і палкоўнік І. Шаўроў.

У красавіку 1944 г. у баях за вызваленне Крыма, танкісты прарваўшы абарону ворага выйшлі на аператыўную прастору і з ходу захапілі Джанкой і Сімферопаль, вырашыўшы поспех аперацыі. У час баёў І.Я. Шаўроў вызначыўся тым, што калі быў паранены камандзір корпуса, ён некалькі дзён кіраваў корпусам, да прыбыцця генерала, прызначанага выконваць абавязкі камкора.

Пасля вайны працягваў службу ў Савецкай арміі. З 1963 г. служыў першым намеснікам камандуючага войскамі Прыбалтыйскай ваеннай акругі, з 1973 г. – начальнікам Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба. Доўгі час пра­цаваў у апараце Галоўнакамандуючага Аб’яднанымі Узброенымі Сіламі дзяржаў – удзельніц Арганізацыі Варшаўскага дагавора.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай рэвалюцыі, чатырма ордэнамі Чырвонага Сцяга, іншымі ўзнагародамі. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, быў членам Цэнтральнага Камітэта КПСС.

З пачатку 1992 г. быў адпраўлены ў адстаўку. Памёр 29 красавіка 1992 г. Пахаваны на Траякураўскіх могілках Масквы.

На жаль, імя нашага выдатнага земляка ніяк не адзначана. Думаем, што варта паставіць мемарыяльную шыльду ў школе ў Бабінічах, дзе ён вучыўся. На павароце на в. Шабуні на дарозе Віцебск – Санкт-Пецярбург усталяваць інфармацыйны шчыт з выявай генерала-арміі і ўказаннем ягоных заслуг перад Радзімай. Такі ж самы шчыт можна паставіць і ў саміх Бабінічах. У Віцебскім раённым краязнаўчым музеі падрыхтаваць інфармацыю пра славутага земляка.

В. Бачынскі, віцэ-сяржант 11Г

19.09.2015