Пошук працягваецца
Нягледзячы на тое, што прыйшла сапраўдная зіма, кадэты працягваюць весці справу па выяўленні імёнаў загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны. 11 снежня мы планавалі дайсці да Вярхоўя, але, на жаль, надвор’е не дазволіла. Пачаўся вялікі дождж, таму маршрут мы скарацілі, правялі даследаванні ў наваколлях вёскі Калінава (былая Рызы). На мясцовых могілках знайшлі толькі адно захаванне часоў вайны. Стары бетонны абеліск з металічным крыжом наверсе, на мармуровай устаўцы тэкст: «Сушинский Петр Константинович. 1904г.–2.II.1942 г. Память от детей и жены». На жаль, мясцовыя жыхары не вельмі ахвотна ішлі на кантакт, у дамы нас не пускалі, бо баяліся заразіцца на кавід, а на вуліцы інтэрв’ю браць было нязручна з-за дажджу. Аднак мы плануем прыйсці ў вёску для ўдакладнення інфармацыі ў лепшае надвор’е. Найбольш верагодна, П. Сушынскі – ахвяра вайны. Аб гэтым сведчыць дата смерці. Менавіта на пачатку лютага савецкія салдаты 249 стралковай дывізіі рабілі так званы «рэйд на Віцебск» і вызвалілі Рызы і Лужасна. Побач з могілкамі мы знайшлі некалькі досыць вялікіх камянёў, больш за 2 метры ў даўжыню. Нас зацікавілі вялікая хвоя (350 см таўшчынёй) і дуб (некалькі больш за 200 см таўшчынёй). Яны пакуль не вельмі вялікія, але гадоў праз 50 могуць прэтэндаваць на статус помнікаў прыроды.
Паход нам запомніцца і цікавым здарэннем. У полі мы ўбачылі аж 10 казуль!
Па маршруце мы прайшлі каля 12 км, убачылі цікавыя аб’екты жывой і нежывой прыроды.
Півавар М.В., настаўнік гісторыі