Годная справа
26 красавіка, пасля заняткаў, кадэты ВКВ паўдзельнічалі ва ўстаноўцы абеліска на магіле невядомага савецкага салдата ў в. Цяцёркі. Пра гэтае пахаванне пошукавая група турклуба “Дзвіна” даведалася ад мясцовых жыхароў.
Нам расказалі, што на грамадзянскіх могілках увесну 1942 г. былі пахаваны два савецкія салдаты, якія загінулі ў канцы студзеня – пачатку 1942 г. Хутчэй за ўсё, гэта воіны 249-й стралковай дывізіі, якая рабіла так званы “рэйд на Віцебск” і, прасоўваючыся па лясістай і цяжкадаступнай мясцовасці, змаглі па правым беразе Дзвіны вызваліць вёскі Заполле, Курына, Цяцёркі і дайсці да в. Лужасна. Вызваліць Віцебск не хапіла сіл, ды і немцы перакінулі рэзервы з Францыі, адцяснілі нашых салдат да г. Усвяты. Не ўсе загінуўшыя ў час наступлення салдаты былі пахаваны. Вядома, што ў в. Лужасна была брацкая магіла, у якой пахаваны каля 12 чырвонаармейцаў. Былі пахаванні і ў Цяцёрках. Але месцы іх згубіліся.
Нашымі намаганнямі ўдалося адшукаць дзве магілы ў Цяцёрках. На адной мы яшчэ 9 красавіка 2023 г. устанавілі мемарыяльна-інфармацыйную таблічку, а на другой сёння быў усталяваны металічны абеліск з чырвонай зоркай. Грошы на яго сабралі студэнты факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый ВДУ імя П.М. Машэрава. Гэта, дарэчы, ужо другі абеліск, які ўсталяваны па ініцыятыве дэкана ФГіМК – С.У. Нікалаенкі. Першы помнік у мінулым годзе паўстаў на магіле невядомага савецкага лётчыка ў в. Чырвоная Іскра (Сумы) Вымнянскага сельсавета.
Кадэты і студэнты добраўпарадкавалі месца: высеклі хмызняк, якім зарасла магіла, зрабілі магільны холмік, прыбралі смецце. Пасля ўстаноўкі абеліска М.В. Півавар распавёў гісторыю пра абставіны вызвалення Цяцёрак. Пошукавая група абмеркавала магчымыя шляхі вызначэння імя невядомых салдат. Кадэт Раман Бялецкі прачытаў верш П. Панчанкі “Герой”. Напрыканцы ўсе прысутныя ўшанавалі памяць палеглых за Радзіму салдат хвілінай маўчання, а кадэты аддалі чэсць невядомым героям.
Справа па пошуку і ўшанаванню невядомых пахаванняў часоў вайны будзе працягвацца і далей.