Военно-патриотическое воспитание,  Научно-исследовательская деятельность

Герой Арменіі – ураджэнец Лёзненшчыны

На працягу свайго доўгага жыцця Вальдэмар-Оскар Анжэевіч Озал, ці Уладзімір Антонавіч Озалс (5.10.1884 – 5.06.1949), дасягнуў вышынь у кар’еры адразу ў некалькіх краінах – Расіі, Латвіі, Іспаніі, Францыі.

Нарадзіўся ён на станцыі Выдрэя (цяпер Лёзненскі раён) Віцебскай губерні у латышскай сям’і. Тут, як і ў іншых месцах па Віцебшчыне была латышская калонія. Увосень 1895 г. сям’я пераехала ў Рыгу, дзе бацька знайшоў месца токара на Руска-Балтыйскім вагонным заводзе.
Скончыўшы Віленскую ваенную школу ў 1907 г., ён пачаў службу ў войску ў чыне падпаручыка, а пасля 4-х гадоў падрыхтоўкі паступіў у Мікалаеўскую ваенную акадэмію, якую паспяхова скончыў у 1914 г.
У гады Першай сусветнай вайны В. Озалс ваяваў на Каўказскім тэатры ваенных дзеянняў, дзе кіраваў стварэннем нацыянальных армянскіх воінскіх злучэнняў і вызваляў Арменію. 5 красавіка 1915 г выведвальны рускі атрад і армянскія добраахвотнікі пад камандаваннем В. Озалса і камандзіра армянскіх добраахвотнікаў Хечо ўвайшлі ў Ван. За вызваленне Вана нашага земляка шанавалі як нацыянальнага героя. Жыхары горада паднеслі яму пазалочаную шаблю, падарылі захоплены аўтамабіль і размясцілі ў губернатарскай замку. Пазней у Ерэване за ўклад В.Озалса у вызваленне армянскага народа ад турэцкай няволі, і за ўклад у стварэнні армянскай нацыянальнага войска ўсталявалі помнік у яго гонар.
Даведаўшыся пра стварэнне латышскіх нацыянальных часцей, В. Озалс падаў рапарт аб пераводзе яго на Заходні фронт, дзе ваяваў у 1916 – 1917 гг. За мужнасць атрымаў ордэн Св. Георгія 4-й ступені. Адыграў значную ролю ў стварэнні незалежнай Латвіі і яе жыцці ў 1920-я гады.
У гады грамадзянскай вайны ў Іспаніі (1936 – 1939) В. Озалс ваяваў на баку рэспубліканцаў у чыне брыгаднага генерала. З пачаткам Другой сусветнай вайны В. Озалс перабраўся ў Францыю, дзе стварыў у акупаванай фашыстамі краіне сетку рэзідэнтуры якая з поспехам дзейнічала на працягу 1940–1944 г. Верагодна таму, што рэзідэнтура дзейнічала ў каардынацыі з ГРУ Генеральнага штаба Чырвонай арміі, В. Озалса па заканчэнні вайны не рэпрэсіравалі, а прапанавалі працаваць выкладчыкам у Акадэміі Генеральнага штаба. Аднак ужо пажылы чалавек не пагадзіўся і жыў у Латвіі, дзе працаваў ва ўніверсітэце. Памёр Вальдэмар Озалс летам 1949 г. падчас геадэзічнай практыкі студэнтаў.
На жаль, імя нашага выдатнага земляка ніяк не адзначана. Лічым неабходным паставіць інфармацыйны шчыт з партрэтам, выявамі некаторых сюжэтаў ягонай біяграфіі і кароткай інфармацыяй на дарозе Віцебск – Рудня (Р 21, на перакрыжаванні дарог, што вядуць на в. Вялікая Выдрэя). На станцыі Выдрэя варта ўсталяваць памятную шыльду ў гонар вядомага земляка.

В. Бачынскі, віцэ-сяржант 11Г

12.09.2015