Военно-патриотическое воспитание

Кіраўскі паход

З надыходам зімы не прыпыняюцца паходы, якія ладзяць сумесна студэнты факультэта гуманітарыстыкі і моўных камунікацый ВДУ імя     П.М. Машэрава і кадэты Віцебскага кадэцкага вучылішча. 5 снежня, у нядзелю, наш шлях ляжаў у аг. Кіраўскі. Акрамя актыўнага адпачынку, мы ставілі перад сабой задачы вывучэння турыстычных рэсурсаў аграгарадка і магчымасцяў выкарыстання іх у развіцці ўнутранага турызму.

На ўездзе ў пасёлак каля дарогі нас сустракае вулічная скульптура аленя са штучнай травы. Раней ён стаяў у в. Доўжа, але на шыльдачцы змешчана інфармацыя аб тым, што гэта падарунак аг. Кіраўскі ад ААА «БелВітуніфарм» на раённыя «Дажынкі», якія прайшлі ў 2019 г. У сувязі са святкаваннем воблік пасёлка змяніўся. Прадпрыемствы і ўстановы набылі і падарылі аграгарадку лаўкі, дзіцячую пляцоўку, спартыўны гарадок з трэнажорамі, пляцоўку для гульні «Бочча», разбілі кветкавыя газоны. Непадалёк ад дарогі ўзведзены помнік «Сям’я».

Трэба адзначыць, што ў аг. Кіраўскі шмат прыгожых дамоў з чарапічнымі дахамі, што мала ўласціва для беларускай архітэктуры. Справа ў тым, што населены пункт паўставаў на новым месцы як узорны пасёлак для работнікаў калгаса «Кіраўскі». Сюды прывозілі розныя дэлегацыі, каб паказаць, як жывуць савецкія жыхары вёскі. Адсюль і шмат дамоў, збудаваных у 1970 – пачатку 1980-х гг. у “гістарычным” стылі, двухузроўневыя кватэры, дамы, упрыгожаныя мазаікамі, каванымі агароджамі і іншымі дэкаратыўнымі элементамі. Дзіцячы садок, напрыклад, нагадвае абрысамі сярэднявечны замак.

На сялянскім доме культуры дзве мемарыяльныя шыльды ў гонар былых старшынь калгаса «Кіраўскі» М.А. Смаргонскага і Н.В. Лемешавай, якія адыгралі значную ролю ў  станаўленні сельскага прадпрыемства.

Цікавым месцам для наведвання з’яўляецца кіраўская школа, якая збудавана па аўтарскім праекце з астранамічнай абсерваторыяй. На фасадзе будынка маецца прыгожая маёлікавая мазаіка. Побач са школай «помнікі»  паравозу, Федару Махнову, аб’ёмныя макеты віцебскага вакзала, сядзібы І.Я. Рэпіна «Здраўнёва», вулічныя скульптуры «Рыбка», «Птушка», «Веласіпед» і г.д.

Адным з самых цікавых помнікаў пасёлка з’яўляецца самалёт Су-24М, які ўсталяваны на выездзе з пасёлка.

У выніку вандроўкі мы вызначылі, што ў Кіраўскі варта прыехаць ў цёплы час і ўважліва палюбавацца на помнікі, архітэктурныя аб’екты пасёлка. Тут можна добра адпачыць і душой, і целам. Тут маецца добрая інфраструктура для развіцця ўнутранага турызму, а месца знаходзіцца зусім непадалёку ад Віцебска – 10 хвілін на маршрутцы ад аўтавакзала.

Думаем, што зможам распрацаваць карту цікавых месцаў аграгарадка і такім чынам унесці свой уклад у развіццё мясцовага турызму.

Жалезнякоў Цімур, вучань 11 «Б» класа

dav
sdr
dav
dav
edf