Военно-патриотическое воспитание,  Научно-исследовательская деятельность

Іван Вашчыла – самы малады поўны Георгіеўскі кавалер

Першая сусветная вайна, ці Вялікая, як яе называлі на пачатку ХХ стагоддзя мала захавалася ў памяці народа. Яе кроў і боль перакрылі падзеі, якія былі пазней – грамадзянская вайна, калектывізацыя, індустрыялізацыя і, канешне, Вялікая Айчынная вайна. Ды і часу мінула больш за сто гадоў. Змянілася некалькі пакаленняў. Аднак забывацца пра яе не трэба. 

Да Гарадоччыны вайна не дайшла, але шмат жыхароў, прызваных у войска загінулі на франтах Першай сусветнай. Мы амаль не ведаем імёнаў тых, што змагаліся больш за 100 гадоў таму на Першай імперыялістычнай, як у савецкія часы называлі гэту вайну. Але пасля доўгіх пошукаў, удалося вызначыць імя і лёс аднаго з яе удзельнікаў, якія паходзілі з Гарадоччыны. Чалавека, які стаў самым маладым поўным Георгіеўскім кавалерам у гады Першай сусветнай вайны. Гэта Іван Арэфьевіч Вашчыла.

Нарадзіўся ён 27 сакавіка 1899 г. на хутары Вашчылы каля в. Дарахі Дубакрайскай воласці Гарадоцкага павету. З пачаткам вайны Іван, як і некаторыя іншыя хлопцы паспрабаваў збегчы на фронт. Некалькі спробаў былі няўдалымі, але ў 1915 г. ён стаў “сынам палка” у 50-м Сібірскім стралковым палку. У складзе гэтай часці ён правёў амаль усю вайну, спачатку на тэрыторыі Польшчы, з верасня 1915 г. ваяваў у Рыжскім умацаваным раёне і са жніўня 1916 г – у Галіцыі[1].

За выключную мужнасць у баях пад Варшавай І.А. Вашчыла быў узнагароджаны Георгіеўскімі крыжамі 4-й. За баі ў Балімаўскім лесе атрымаў крыж 3-й ступені. За храбрасць пры ўзяцці форта “Слава” на рацэ Сан, І.А. Вашчыла быў прадстаўлены да ўзнагароджання Георгіеўскім крыжам 2-й ступені. Аднак, 26 жніўня 1915 г., па Высачайшым павяленні імператара, ён, мінуўшы 2-ю ступень, быў узнагароджаны адразу крыжам 1-й ступені. Такім чынам, у 16 гадоў Вашчыла стаў поўным Георгіеўскім кавалерам.

У адпаведнасці са статутам Георгіеўскай узнагароды, поўны кавалер мог стаць афіцэрам. У маі 1916 г. Іван Вашчыла скончыў 1-ю Пецергофскую школу прапаршчыкаў і атрымаў першае афіцэрскае званне. Да лістапад 1917 г. працягваў служыць на фронце начальнікам каманды разведчыкаў сваго палка. За час службы быў 4 разы паранены і 2 разы кантужаны.

Пасля заключэння міра з Германіяй І. Вашчыла вярнуўся дадому. Па асабістых перакананнях не прыняў мерапрыемстваў бальшавікоў вырашыў выехаць у Францыю, дзе працягваць змагацца з немцамі. Але ў 1918 г. у Сібіры, дзе аказаўся на шляху на фронт, І. Вашчыла быў мабілізаваны ў армію адмірала А.В. Калчака і стаў ваяваць на баку “белых”.

С заканчэннем вайны І. Вашчыла эмігрыраваў у Кітай. Там ажаніўся і стварыў сям’ю. Нарадзілася дачка. Але доўга працаваць мірна не прыйшлася. У Кітаі пачынаецца грамадзянская вайна. І. Вашчыла сфарміраваў лётную часць з былых лётчыкаў “белагвардзейскіх” войскаў і ваяваў на баку кітайскага маршала Чжан Цзун-чана ў Цінаньфу (1926–1928). Даслужыўся да звання падпалкоўніка. Меў магчымасць стаць палкоўнікам, аднак не пагадзіўся, бо ўмовай для гэтага з’яўлялася прыняцце кітайскага падданства.

У 1930-я гады ён служыў у паліцыі марыянетачнай дзяржавы Маньчжоў-Го, створанай у Манчжурыі японцамі. Пасля вызвалення Манчжурыі савецкімі войскамі ў 1945 г. І. Вашчыла быў арыштаваны СМЕРШ, і асуджаны на 11 гадоў, якія адбыў у ГУЛАГу. Пасля вызвалення ўвесь час хацеў вярнуцца на Радзіму, Гарадоччыну, аднак у выніку таго, што меў абмежаванне на пражыванне ў Еўрапейскай частцы СССР, жыў у г. Курган РСФСР.

Штогод летам І.А. Вашчыла прыязджаў на малую радзіму. Даследаваў тэрыторыю Руднянскага сельскага савета. Прыцягнуў увагу археолагаў да выяўленых ім археалагічных аб’ектаў: курганоў, гарадзішчаў. Адкрыў у 1968 г. і ўвёў у навуковы зварот курганныя могільнікі каля в. Дарахі, у 1975 г. неалітычныя стаянкі на воз. Сенніца. Перапісваўся і меў стасункі з археолагамі Э.М. Зайкоўскім, Ю.А. Зайцам, А. Лапаціным, В. Мікляевым, М. Ткачовым, Г.В. Штыхавым і іншымі вядомымі даследчыкамі.

Лічым, што імя выдатнага ўраджэнца Гарадоцкай зямлі, самага маладога поўнага Георгіеўскага кавалера, аднаго з першых лётчыкаў Расіі павінна быць адзначана належным чынам.

Прапануем на ўездзе у Гарадок, а таксама на павароце з трасы Гарадок – Езярышча на в. Рудня ўсталяваць вялікі інфармацыйны знак пра І.А. Вашчылу з партрэтам героя і кароткай інфармацыяй аб ім. Серыю “Воінская слава Віцебшчыны” можа працягнуць подобны інфармацыйны знак, прысвечаны генерал-палкоўніку Цярэнцію Фамічу Штыкаву.


[1] Півавар, М.В. Краязнаўцы Віцебшчыны 2-й пал. ХХ – пач. ХХІ ст. / М.Півавар. – Мінск: Кнігазбор, 2010. – С. 72.

20.10.2015